СТЭРЭАСКАПІ́ЧНАЕ ТЭЛЕБА́ЧАННЕ,

сістэма тэлебачання, якая стварае ў гледача ўражанне аб’ёмнасці відарыса. Грунтуецца на бінакулярнасці зроку (гл. Бінакулярны зрок). Перадача відарысаў (чорна-белых ці каляровых) стэрэапары можа быць адначасовая або паслядоўная. Разнавіднасць С.т. — шматракурснае тэлебачанне. Выкарыстоўваецца ў асн. для прыкладных мэт.

У найб. простых сістэмах С.т. відарысы стэрэапары пачаргова ўзнаўляюцца на экране кінескопа і глядач назірае іх праз святлоклапанныя акуляры, сінхранізаваныя з разгорткай тэлевізара так, каб левы відарыс накіраваць у левае вока, а правы — у правае. Існуюць інш. метады перадачы і пабудавання тэлевізійных прыёмнікаў, у т. л. праекцыйных, якія таксама патрабуюць выкарыстання акуляраў (святлоклапанных, каляровых, паляроідных ці іх камбінацыі). У безакулярных сістэмах С.т. экран кінескопа мае лінзава-растравую оптыку і пры выбары пэўнага вугла назірання левы відарыс накіроўваецца ў левае вока, правы — у правае. Перспектывы С.т. звязваюць з лічбавым тэлебачаннем, а таксама з камп’ютэрнымі спосабамі апрацоўкі відарысаў.

Літ.:

Джакония В.Е., Коганер С.Э., Ткаченко А.П. Стереоскопическое телевидение // Бытовая радиоэлектронная техника. Мн., 1995.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 15, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)